З дзённіка
12 лютага
“Народная Воля” паслужліва на самы верх першай паласы вынесла словы Святланы Алексіевіч: “Я не ведаю, хто б мог супраціўляцца так, як супраціўляецца Лукашэнка. Такіх моцных лідараў я не знаходжу. Гэта не азначае, што я за Лукашэнку, але супалі нашы інтарэсы і ягоныя інтарэсы. Гэта сумна, але гэта так”.
А вось мае інтарэсы з Лукашэнкавымі ніяк не супадаюць, бо абараняе ён не незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Беларусі, а перш-наперш сябе, свой і сваіх блізкіх і давераных статус.
Я некалі пісаў, што сучасная ўлада Беларусі (не беларуская ўлада, а менавіта ўлада Беларусі) з’яўляецца духоўнай пераемніцай мясніковых ды іншых бальшавікоў, якія нечакана для сябе сталі на чале Беларускай Рэспублікі (так у дакументах да 2 лютага 1919 года называлася будучая ССРБ). І калі праз 16 дзён пасля таго, як яны сталі “суверэнамі”, Масква вырашыла адарваць ад Беларусі тры ўсходнія губерні, а рэшткі рэспублікі аб’яднаць з падсавецкай Літвой, Мяснікоў і кампанія кінулася абараняць і саму рэспубліку, і яе тэрытарыяльную цэласнасць.
Вось такая гістарычная паралель.
Я раю спадарыні Алексіевіч успомніць, хто дзеля захавання саўка ў Беларусі абяцаў паўзці на каленях у Расію, па яе танныя нафту і газ. Хто учыніў татальную русіфікацыю. І ў якой краіне за кліч “Жыве Беларусь!” кідаюць за краты.
Беларусь – не незалежная дзяржава. Я ўжо не раз казаў гэта і паўтараю яшчэ раз: мінскі “суверэн” без дазволу Масквы не можа запрасіць у Беларусь суверэна Дзяржавы Ватыкан.
Калі гэта не аргумент для спадарыні Алексіевіч, то раю ёй прачытаць у тым самым нумары “Народнай Волі” артыкул Аляксандра Фядуты пад вымоўным «Никто никуда не уходит». «Никто» – гэта Беларусь. Яна так і застаецца спутанай усякімі дагаворамі і абавязацельствамі, у якія ўвязаў яе “моцны лідар”. І будзе заставацца, пакуль гэты “моцны лідар” застаецца ва ўладзе.
13 лютага 2020 г.
“Наша Ніва” радасна вяшчае: заробкі ў Польшчы растуць шалёнымі тэмпамі.
Вось гэта мяне і трывожыць. Ёсць глыбокае падазрэнне, што цяпер у польскай фінансава-крэдытнай сферы адбываецца надзіманне пухіроў. Так, як яно адбывалася перад глабальным крызісам мінулага дзесяцігоддзя ў Штатах ды іншых краінах.
Крызіс тады Польшчу закрануў у мінімальнай меры. Цяпер жа польскай эканоміцы трэба чакаць аблому. Да таго ж сур’ёзныя аналітыкі, марксісты і немарксісты, лічаць, што не за гарамі новы глабальны крызіс. Не памыліліся яны ў сваіх прадказаннях ў 2006 г., думаю, што не памыляцца і цяпер.
Чаму мяне трывожыць мачымы эканамічны крызіс у Польшчы? А таму, што ён лясне па кішэнях і галовах нашых зарабкевічаў (на мове ўлады – дармаедаў), якія расійскі вектар працоўнай міграцыі памянялі на польскі, старанна вучаць польскую мову, а многія радыя запісацца палякамі і надыбаць карту паляка.
З увагі на тое, што ў Расіі ужо каторы год стагнацыя і “денег нет, но вы держитесь», беларусы трапяць у скрутнае становішча. І ўжо нават такім разумнікам (пішу без іроніі), як Калавур і Румас, будзе цяжка знайсці выйсце са складанай сітуацыі, бо разам з фінансава-эканамічнымі праблемамі абвострацца і сацыяльныя.
І чарговы раз будзе абвінавачаны ўрад. За 25 год у нас ужо восьмы кабінет. А той, хто кляўся, што запусціць заводы і сапраўды заводы запусціў, сваім месцам ніяк мяняцца не хоча.
Анатоль Сідарэвіч – беларускі гісторык, публіцыст і палітычны дзеяч. Уражэнец Ганцавіцкага раёна.
Высказанные мнения могут не совпадать с точкой зрения администрации сайта и не накладывают на неё никаких обязательств.